в начало |  люди |  сайты |  помощь  

АстроПро - профессиональная астрология, общение, обучение онлайн

Видеогороскоп
Нумерология ТАРО
Землеточки
Астрокалендарь
Я на планете Земля
Расклады ТАРО
Физиологические ритмы
Гадание И-Дзын
Видеоуроки Консультации Sotis-Online Статьи Мастер-класс Форум Видео Сайты

Видео

Адам Глобус, сустрэча на прыходзе Архістраціга Божага Міхаіла

Разместить этот ролик в блоге и на сайте: показать ссылку и код для размещения.
тип вывода ветки
Дыктафонны запіс сустрэчы, якая адбылася ў Мінску 09.05. 2013 года (у дзень Вялікай Перамогі) у 15.00 у ніжнім храме ў гонар “Веры, Надзеі, Любові і іх маці Сафіі” на прыходзе Архістраціга Божага Міхаіла.

Адам Глобус.…Шмат часу было аддадзена і сіл, каб храмы не зніклі з Беларусі. У тыя часы ў Мінску быў толькі адзін касцёл і дзьве царквы. Саборы былі ператвораны ў склады, як мы памятаем, і ўсё гэта было вельмі сумна. І тады маё пакаленне, дзякуючы крышку старэйшаму пакаленню, прыйшло да разумення, што трэба звярнуцца да сваёй спадчыны, трэба яе берагчы, і зрабіць рэстаўрацыйныя майстэрні. І калі мы ўспомнім (старэйшыя помняць, а малодшым я раскажу), што першыя фасады адрэстаўраваныя, якія ўзніклі ў горадзе Мінску, з’явіліся ў Траецкім Прадмесці. Мы якраз на свята Першамая, да 9-га мая павінны былі здаць гэтыя фасады, атынкаваць і паказаць начальству, якое павінна было ўбачыць і тады нам далі б магчымасць рэстаўраваць у Беларусі іншыя аб’екты. І дзіўна, як сябе павялі ў гэтай сітуацыі звычайныя рабочыя, — яны сказалі: “За такія грошы не будуць тынкаваць!” І што было рабіць? Трэба ж было дзеля справы, дзеля рэстаўрацыі, дзеля нашай спадчыны… І мастакі, архітэктары апранулі фуфайкі, узялі ў рукі кельмы, полуцёркі, прыйшлі і атынкавалі першыя фасады. З гэтага і пачалася рэстаўрацыя ў Беларусі, не толькі свецкай архітэктуры, нашых замкаў, нашай спадчыны і, разам з тым, аднаўленне рэлігійнай культуры. Таму што спыніць той вандалізм, які існаваў у тыя часы, было давалі складана.
Нам дастаўся аб’ект нумар адзін да рэстаўрацыі — гэта Мірскі замак, а аб’ект нумар два — Каталіцкі сабор у Мсціслаўі, у сутарэнні якога зрабілі склад і салілі гуркі: стаялі бочкі з гуркамі і соль раз’ядала сцены. Трэба было ехаць, дамаўляцца, праўдамі і няпраўдамі ўгаворваць людзей, — і паціху ўсё ж нешта пачалі рабіць.
Я чатыры гады працаваў у рэстаўрацыйных майстэрнях. Чатыры гады аддаў здароўя, розуму і таленту свайго дзеля рэстаўрацыі нашага Сабора і нашай культурнай спадчыны. І вельмі гэтым ганаруся. І зараз, калі чытаю журналістаў, што вось “там не так адрэстаўравалі”, “тут не так зрабілі”… Усе ж ведаюць, як зрабіць. Адна справа пабудаваць сабор, удзельнічаць у гэтым і аднавіць яго, — іншая справа проста прыйсці і сказаць: “Ведаеце, тут магло быць лепш”. Ты ідзі зрабі лепш, і тады цябе пачнуць паважаць. І вось маё пакаленне, якое зараз сыходзіць на пенсію, Валодзя Ракіцкі, Юра Міліноўскі — яны ўсё жыццё ахвяравалі рэстаўрацыі. Асноўны аб’ект у горадзе Мінску — гэта Петра-Паўлаўская царква на Нямізе, у якой мае сябры аднавілі роспісы, знялі старыя і аднавілі, — гэта вельмі ўдалы прыклад жывапіснай рэстаўрацыі, адна з лепшых рэстаўрацыйных прац у рэспубліцы. Сарока Фёдар і Залатуха Мікалай, — вось два рэстаўратары, які ўсё жыццё паклалі на тое, каб аднавіць фрэскі Петра-Паўлаўскага сабора, каб мы мелі сінтэз: адноўленнай царквы ўнізе і адрэстаўраванай уверсе. І калі будзеце праходзіць па Нямізе, то абвязкова зайдзіце і паглядзіце, я лічу, што гэтым можна ганарыцца. Гэта быў невялічкі ўступ, а зараз я прачытаю некалькі вершаў. Каб наша сустрэча была больш карыснай, а не проста я вам расказваў тое, што мне цікава, ці тое, што я лічу цікавым, а тое, што вам хацелася б пачуць ад мяне, — за кожнае добрае пытанне, я буду даваць кніжачку. Я лічу, што гэта правільны падыход, калі добрае пытанне, то будзе добры і адказ. А зараз я прачытаю тры вершы, а потым адкажу на пытанні, потым яшчэ прачытаю вершы.

Спроба малітвы.
Божа, забяры маё жыццё.
Выратуй зьнямелую Айчыну,
Выратуй ахвяры і злачынцаў.
Божа, забяры маё жыццё.

Ты адзіны, вольны і вялікі.
Ганарлівым адпусьці грахі.
Веру да цябе вядуць шляхі,
Ты адзіны, вольны і вялікі.

Я слабы, з атручанай душой,
Брудны гад скалечаны, нікчэмны.
Веру ў розум сьветлы і надземны,
Я слабы, з атручанай душой.

Божа, забяры маё жыццё -
Іншага ня маю кааб аддзячыць,
Ну хіба што гэтым ціхім плачам.
Божа, забяры маё жыццё...

У нас беларусаў заўсёды быў горад, які мы ўсе любілі, услаўлялі, адкуль узнікла наша беларуская новая літаратурная сітуацыя — гэта Вільня. У Вільні ёсць праваслаўны храм, я заўсёды, калі прыязджаю, то заходжу туды. Зараз мы размежаваны, але для мяне гэты горад застаецца культурнай сталіцай Беларусі. Таму я шмат вершаў прысвяціў Вільні, яны крышку весялейшыя за мой папярэдні верш.

У нашайВільні
Мароз у Вільні. Дзень цудоўны.
Мой сябра беларускамоўны
п'е брэндзі. Я гарбату п'ю.
У рэстарацыі шыкоўнай
гаворым ціха і тактоўна
пра Вільню, кожны пра сваю.

Ён любіць вежы і касцёлы,
шынкі — дзе дух заўжды вясёлы,
архіў і універсітэт.
А я люблю ў царкве анёлаў,
кірмаш, вакзал і грукат колаў,
калі ў кішэні ёсць білет.

Мароз і сонца. Дзень сапраўдны.
Мы п'ем: я — брэндзі, сябра — каву.
Дап'ем і пойдзем спакваля.
У Вільні нас чакаюць справы.
Яму налева, мне направа,
бо Вільня ў кожнага свая.

Вільня і Менск
У Вільні снег. У Вільні цішыня.
У Вільні ўтульна і выдатна спіцца.
Мне Беларусь заўсёды ў Вільні сніцца
заможная, свабодная, мая…

У Менску дождж. У Менску мітусня.
У Менску тлумна і няма спакою.
Тут не знаходзіш згоды сам з сабою.
Ды толькі ў Менску — на Радзіме я.

Анатоль Кудласевіч. Уладзімір, аднойчы ў інтэрнэце я вычытаў, што Ўладзімір Адамчык — доларавы міліянер. Я здзівіўся і не паверыў у гэта. І вось пытанне. Калі гэта так, то я ты змог спалучыць талент мастака і паэта, здольнасці выдаўца і стаць заможным чалавекам?
Адам Глобус. Гэта праўда. Калі кватэра ў цэнтры Мінска каштуе 250 — 240 тысяч даляраў, у цябе чатыры кватэры — вось ты і міліянер, увесь твой мільён. Гэта не так шмат, як здаецца. Міфічна, што гэта вельмі многа грошай. А вось на Беларусі пять тысяч кніг падрыхтаваць да выдання, гэта вельмі складана, вось гэтая праца прынесла гэтыя грошы. Так я купіў сабе некалькі кватэр, зрабіў сабе невялікі пенсійны фонд, так што гэты мільён ёсць і я не буду адмаўляць. Дарэчы, мы на Беларусі — усе цяпер мільянеры, але колькасць нулёў на рахунку зусім не вызначае якасць чалавека. І да гэтага ставіцца трэба лягчэй, кшталту — Бог даў, Бог узяў. Можна было б больш не займацца ні беларускай літаратурай, ні беларускай мовай, ні беларускай культурай і карціны не пісаць, а зарабляць толькі грошы, але я вырашыў, што мне ўсё ж такі цікавей ісці да людзей, пісаць вершы, пісаць карціны і той талент, што мне дадзены ад прыроды важней, чым тыя грошы, якія мне дасталіся, ну пашанцавала. І не трэба забываць, што я працую з братам і большая частка ў сямейным бізнесе належыць брату. А я больш творчая адзінка.
Памятаю такі цікавы выпадак. У Англіі перад тым, як атрымаць візу, ты павінен прайсці вельмі сур’ёзнае субяседаванне. Мяне паклікалі і кажуць: “Уяўляеце, вось ёсць Міраслаў Адамчык і Уладзімір Адамчык, напісана, што вы абодва едзеце ў Лондан па выдавецкіх справах. Навошта два Адмчыка ў адным Лондане? Я кажу, ведаеце, ён эканаміст, ён займаецца фінансамі, а я займаюся творчымі пытаннямі — у нас такі тандэм. Таму безумоўна нам трэба з’ездзіць удваіх”. Чыноўнік засмяяўся, візу нам адкрылі, але маглі б і не адкрыць. Гэта кніжачка майго бацькі, усе хто задасць пытанні, атрымаюць у падарунак кніжчку.
Леанід Маліноўскі. Гэта не пытанне. Я хачу выказаць словы ўдзячнасці за тую работу, якую вы робіце. Ёсць такі манастыр у Лядах, гэта па шляху на Чэрвень, гэта мая радзіма. Яшчэ хлопчыкам помню, які гэта быў цудны храм… Так што вялікі вам дзякуй за вялікую працу, Гасподзь Бог усё бачыць.
Анатоль Кудласевіч. Я хацеў спытацца пра твае ўспаміны пра Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, Адам Глобус вядзе старонку ў Жывым Часопісе. Я думаю нашым прыхажанам было б цікава пачуць пра яго стасункі з класікам беларускай літаратуры Уладзімірам Каракевічам.
Адам Глобус. Я сказаў, што мне пашанцавала з грышыма. І мне пашанцавала двойчы жыць на адной пляцоўцы з Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам. Не адзін раз жыць на адной пляцоўцы, а двойчы. Спачатку мы атрымалі на вуліцы Чарнышэўскага 7, наша кватэра была пад нумарам 59, а ў Уладзіміра Караткевіча — 57. І мы пражылі на адной пляцоўцы шмат гадоў, гэта быў малады, вельмі абаяльны чалавек, вельмі вясёлы, ён жыў з мамай. Тады я быў зусім маленькі і хадзіў спачатку ў дзіцячы садок, а потым з першага па трэцці клас. Запомнілася такая дэталь. Караткевіч вярнуўся з Кактэбеля і прывёз каменьчыкі. Чалавек з мора прывёз каменьчыкі і паклікаў мяне і кажа: “Паглядзі якія цудныя каменьчыкі”. Для мяне ў гэтым не было нічога дзіўнага, каменьчыкі і каменьчыкі, на вуліцы можна было назбіраць. А ён з захапленнем расказваў, што гэта такія цудоўныя каменьчыкі, што ён іх вёз з Кактэбеля, а для мяне гэта быў пусты гук. Я так сур’ёзна кажу: “Мама, нашто нам гэтыя каменьчыкі”. І ён так сур’ёзна сказаў: “Ведаяце, ён падрасце і будзе вельмі сур’ёзным чалавекам, а вось я такі рамантычны, а ён вырасце такі сур’ёзны і потым будзе пра мяне ўсім расказваць. Што вось я так папаўся, не каб нейкую дзіцячую цацку прывёз, нешта смачнае, а каменьчыкі не спрацавалі”.
А потым была іншая гісторыя. Калі бацька зноў атрымаў кватэру, ужо на Карла Маркса 36 — гэты дом пісьменніцкі, там вельмі шмат шыльдаў вісіць. Палац прэзідэнта 38, а ў 36-ым доме атрымаў бацька кватэру і на пляцоўцы ў нас зноў Караткевіч. І мы як бы пазнаёміліся па другому разу. І ў нашай кватэры заўсёды вісеў ключ ад кватэры Караткевіча і, калі яны з’язджалі з Валянцінай Браніславаўнай, значыць я паліваў яму кветкі. Дзяцей у яго не было і таму дзецьмі для Караткевіча быў я з братам. Гэта не нахабства, гэта проста рэальнасць. І калі ў мяне нарадзілася дачка, дык Караткевіч яшчэ паспеў патрымаць маю дачку на руках. Былі творчыя несупадзенні. Вот зараз з адлегласці мы ведаем значную, важную постаць Уладзіміра Караткевіча. Пры жыцці гэта быў вельмі абаяльны малады чалавек, вельмі вясёлы ў шэрагу знакамітых пісьменнікаў. Ён ніколі не вылучаўся. Які-небудзь Іван Мележ — там недасягальная велічыня, Іван Шамякін — быў самы папулярны, а Уладзімір Караткевіч у гэтым шэрагу быў адзін з пісьменнікаў. Дом быў пісьменніцкі, там усе пісьменнікі жылі: жыў Гілевіч, Вітка, дзіцячы паэт, Клімковіч… Караткевіча ўсе любілі. Ён мог сабе дазволіць капрызнічаць, дарослы чалавек — спаў з мядзьведзікамі, як дзіця. Любіў дзіцячую літаратуру, любіў прыгодніцкую літаратуру і ўсё рамантычнае.
Зараз я прачытаю яшчэ адзін кароценькі верш. І буду чакаць наступнае пытанне.
Анёлы
Блакітныя анёлы
блакітнымі алоўкамі
пісалі пад дыктоўку
пра цэрквы і касцёлы
пра залатые сьвечкі…
Усявышні надыктоўваў
ім беларускай моваю
кароткі верш пра вечнасць.

Валодзі.
Так павялося ў нашым народзе,
Калі ты не слава, тады ты Валодзя...

Я канешне прашу прабачэння, што я пра сваё імя напісаў, вельмі мне хацелася. Ёсць у мяне ўнук Валодзя і я зразумеў, што зводзіцца імя. Ён у садзіку быў адзін, і ў школе адзін, і ў мастацкай школе Валодзя адзін. А ў мяне дзед Валодзя быў, і ўся сям’я Адамчыкі, праваслаўныя… І маці, вот гэты Глобус мой дзед, ён таксама быў Уладзімір.
Анатоль Кудласевіч. Наш настаяцель некалькі разоў у мяне спытаўся, а што за дзіўнае прозвішча Глобус, а я ж не ведаў, што гэта прозвішча твайго прадзеда і адказаў, што “вось чалавек не захацеў прымазвацца да славы свайго бацькі і ўзяў сабе такі псеўданім”.
Адам Глобус. Гэта прозвішча майго дзеда. Мая баба Ядзя і Ўладзімір Глобус не змаглі жыць разам, разыйшліся. Яна яго кінула. І таму мне сказалі, што ён загінуў на фінскай вайне, каб я пра яго нічога не ведаў. Каб мяне дзіця не траўміраваць, каб я любіў свайго новага дзеда, новага мужа бабы Ядзі. І потым я з’ездзіў у вёску Углевічы ў Круглянскім раёне і там сапраўды вельмі шмат Глобусаў жыве і нават пазнаёміўся з першай жонкай свайго дзеда. А ў суседняй вёсцы ёсць прозвішча Пілаты. Адкуль такія прозвішчы я не ведаю.
(Рэпліка): Ёсць і Варавы на Беларусі.
А то Пілаты. Таксама пацікавіўся, ці яны праваслаўныя, мне сказалі, што праваслаўныя.
Анатоль Кудласевіч. Аляксандр Эдуардавіч, прозвішча Варакса. Вышаў на пенсію і цэлую кніжку напісаў.
Адам Глобус. У нас у Дзяржынску, дзе я нарадзіўся, была такая Вараксава яма і я там катаўся на лыжах.
Алла Васілёнак. Мне цікава як вашы ўнукі цікавяцца беларускай культурай? Ці перадаецца захапленне Беларуссю па генах?
Адам Глобус. Такога захаплення, як я захапляўся творчасцю свайго бацькі і беларускай культурай у маіх дзяцей няма. Я б не сказаў, што мае дзеці вялікія аматары. А з іншага боку, мае дзеці засталіся ў Мінску і працуюць у Мінску, сын са мной гавораць па-беларуску. Дачка больш фанабэрыстая, яна ўвесь час хоча самасцвердзіцца, а як можа самасцвердзіцца? Гэта адмаўляць бацькавыя каштоўнасці. Але радуе тое, што яна піша. Яна ніколі не пісала, а апошні год-два пачала пісаць, прыйшла да мяне і кажа, я хачу не проста пісаць а хачу працаваць на дзяржаўнай рабоце. Нашто табе на дзяржаўнай? Яны з маці займаюцца парадным партрэтам жаночым, з’ездзяць у Монтэ-Карла, нафатаграфуюць багатых жанчын і ў іх атрымліваюцца даволі паспяховыя праекты з фотаздымкамі. А яна гаворыць, я хачу адчуваць сваю сацыяльную сваю значнасць. Я кажу добра, я пагавару з галоўным рэдактарам нашай галоўнай газеты, няхай цябе возьмуць на працу. Я пайшоў да Якубовіча і кажу, Павел Ізотавіч, ёсць такое жаданне ў чалавека пісаць. Ён адказвае, мусіць будзе тое, што адбылося з усімі папярэднімі. “А што было з папярэднімі?” Ну вось дачкой Някляева спрабавала, нічога не напісала, я ўзяў на працу, а потым вымушаны быў звольніць. Але нічога не атрымалася. І яна пачала пісаць. Робіць невялічкі фотаздымачак і робіць такія чыста жаночыя рамантычныя гісторыі. Ці пра шыкоўныя рэчы. Яна паўгода пісала такія рэчы. І яе не друкавалі. Мая жонка ўжо кажа, ты схадзі. Навошта, каб выслухаць, што яе ўжо звольнілі? Няхай піша. Яна была паза штатам. А потым пачалі друкаваць. Зараз кожны тыдзень у яе свая калонка. Пачалося ўсё з гісторыі з хакеістам Салеем. Неяк ён прыйшоў да маёй жонкі, каб сфатаграфацца. У нас кот Чарлік, “Вот Салей с клюшкай”, “Салей плошкай”, і “Салей з Чарлікам” і тут такая трагедыя, загінула хакейная каманда ў Яраслаўлі і застаўся гэты кадр “Коцік і Салей”, коцік які так мала жыве і раптам перажыў хакеіста. І яна расказала гэтую гісторыю. Салей асілак з такім коцікам, усіх кранула і яе надрукавалі. І я рады, што мая дачка займаецца журналістыкай. Тыраж газеты паўмільёна, і калі яна піша і яе друкуюць, то яна зараз больш папулярная, чым я. Таму што яе чытаюць і пазнаюць.
У гэтай кніжачцы акрамя бацькавых апавяданняў ёсць мае замалёўкі пра бацьку і пра маці. Мы ведаем, кожны мастак заўсёды малюе свайго бацьку, сваю маці, любімую жанчыну, то пісьменнікі чамусьці саромеюцца пісаць пра сваіх бацькоў, больш пішуць пра нейкіх абстрактных людзей. А мне чамусьці падалося, што мой тата ці Ўладзімір Караткевіч, ці мая мама, людзі, якія варты літаратурнага партрэта. Апошнім часам я пішу мала вершаў, а больш пішу літаратурныя патрэты, ёсць патрэт Караткевіча, я напісаў бацькаў партрэт, Брыля, Стральцова, людзей, якіх я ведаў.
Можа яшчэ адзін ці два вершы кароценькія.
След
Жыццё пражыў, а следу не пакінуў,
Пайшоў, сышоў, нібыта й не было…
Ні дома з дрэвам, нідачкі, ні сына
Не засталося. Чыста ўсё сплыло…

Нібыта быў разумны і трывушчы,
Нібыта жыў, нібыта працаваў…
Але не шкодзіў, чарапы ні трушчыў –
дзяцей ні біў, людзей ні забіваў…

За гэта добрым словам і згадаюць,
Успомняць без праклёнаў і кляцьбы.
А не захочуць, хай не ўспамінаюць…
Такі наш свет нікчэмны і слабы.
Я выбачаюся, я вельмі мінорны паэт, але вясёлы расказчык. Калі задасцё вясёлае пытанне, я буду вас весяліць.
(Пытанне пра інтымную лірыку)
Я наогул лічу, што чалавек адрозніваецца ад жывёлы тым, што ў яго ёсць эстэтычнае пачуццё. Ён адчувае нейкае трымценне, якое не адчувае жывёла. І тым ён важны. Таму для мяне самы важныя тэмы ў вершаскладанні, гэты вершы пра каханне, вершы пра смерць, якая ўсіх нас кранае і мы пад гэтым усе ходзім, і пра п’янства і задавальненне. Пра вінны смак жыцця. Я выбачаюся, што я тут пра гэта кажу. Пра п’янства як бы ў шырокім сэнсе, пра смак жыцця. Я лічу, што вершы напісаныя да жанчыны, гэта аснова асноў наогул вершаскладання. Я не думаю, што іх трэба чытаць сёння і тут. Таму што найлепшыя вершы пішуцца да жанчыны, ты пасылаеш, са спадзевам, што яна адгукнецца і што ты яе спакусіш і што яна народзіць табе дзяця.
Самейныя каштоўнасці заўсёды былі і застаюцца адной з асноў жыцця. Я лічу, што сямейныя каштоўнасці за савецкім часам, акрамя таго, што былі прыгнечаны рэлігійныя каштоўнасці, былі прыгнечаны і сямейныя каштоўнасці. Таму найлепшы твор, якія я напісаў называецца “Дом”, гэта пра тату, маму, дачку, пра дзеда свайго і бабу.
Анатоль Кудласевіч. Ці не думалі вы, што творца не зусім самадастотковы, а творчасць ёсць — нейкага роду сублімацыя?
Адам Глобус. Я не думаю, што творчасць замяняе жыццё. Я мастак, і мяне, як кожнага мастака радуе прыроды. Я не лічу, што я сваім намаляваным яблыкам закрываю рэальнае яблык. Уяўляеш, удзе Клод Манэ і бачыць просты стог сена. І ён бачыць, адчувае водар сена і ён радуецца. Я не думаю, што ён нейкі там ушчэрбны. Наадварот. Мастакоў і творцаў можна абвінаваціць у наіўнасці, у недастатковай меркантыльнасці, у спрошчаным разуменні жыцця. Але ні ў якім разе не ў ушчэрбнасці. Навукоўцы, якія лічаць, што схапілі Бога за бараду, яны могуць замяніць штучным пратэзам сапраўдныя рэчы. У мяне ёсць верш… Працуе пратэзны завод, і можа замяніць органы. Але колькі вучоныя не стараюцца, яны не могуць замяніць жывую душу.
Чалавек ёсць істота архітэктурная. Напрыклад, я па адукацыі манументаліст, гэта чалавек, які займаўя фрэскай, вітражамі… Падпарадкоўваючыся архітэктуры, я падпарадкоўваю і ўсё астатняе. Ёсць такія мастакі, узяў і спаліў раман. Павінны гэта вырашаць нашчадкі. А ты калі стварыў, павінен ахоўваць, захоўваць. Хацелася б згадаць верш, які ёсць у школьнай праграме. Паставілі ў дзесятым класе, яго праходзяць.
Я вырас на раёне... Калі я прышоў у літаратуру, у беларускай літаратуры не хапала менавіта раёна.
Сталіца
Мне падабаецца: мікрараён —
Жалезны дух у канструктыўным целе,
Дзіцячы пляц і школьны стадыён...
Мне падабаюцца шурпатыя панелі.
Люблю метро, асветлены вагон
I колы, што на грукат захварэлі.
Люблю, калі састаў бярэ разгон
У доўгім, як працоўны дзень, тунэлі.
Мне да душы падмуркі ў катлаване,
Абмазаныя ў чорную смалу.
Мне да душы ісці па рыштаваннях
На самы найвышэйшы дах. Люблю
Убачыць на дарожным скрыжаванні
Рассыпаную з кузава зямлю.
Я магу расказаць містычную гісторыю, якая здарылася з нашай сям’ёй. Ёсць праявы ў жыцці наогул невытлумачальныя. Я старшыня таварыства па ахове помнікаў. Я быў старастай у класе і павінен быў даглядаць магілы салдат. У маёй мамы была цётка Вікця, якая працавала на футлярным заводзе. І быў дзень, калі гэты завод узарваўся. Узарваўся лак у сутарэннях, усе тры паверхі падняліся і загінула каля трохсот чалавек. У гэтай цёткі Вікці быў сын, які адпрасіўся на той час. Ён іграў у касцёле на аргане. І калі ён вярнуўся, а так супала, што ён з некім замяніўся, яго моцна білі. Маўляў, ён ведаў, што завод узарвецца. Так вось здарылася… А цётка Вікця сказала, што мяне Бог уратаваў і я павінна Яму аддзячыць. І тыда пачалі збіраць грошы, каб аднавіць касцёл. І яна сама пайшла па мікрараёне і пачалі збіраць грошы. Я помню мой бацька даў дзесятку, а па тым часе гэта былі немалыя грошы. Увесь раён даў грошы, яе палохалі, што касцёл не адкрыюць. Так на раёне нашым паўстаў касцёл. Яе можна гэтую гісторыю па рознаму трактаваць, я расказаў як факт.
Дзякуй вам, што прыйшлі.
Харошыя паэты сябруюць з харошымі паэтамі. Іншая справа, што калі ты кепскаму паэту гаворыш, што ён кепскі паэт. Але мне пашанцавала, што я ведаў добрых паэтаў. Караткевіч напісаў прадмову да маёй першай кніжкі, Міхась Стральцоў напісаў прадмову да маёй дургой кніжкі. Добрыя паэты сябруюць з добрымі паэтамі.


Голос астролога на радио

Голос астролога на радиоВасилий Фариштович ВИТАЛИУС
07-Сен-2013 20:17, 67234/0

Алгоритм разбора натальной карты. ч.1. Анализ космограммы.

Алгоритм разбора натальной карты. ч.1. Анализ космограммы.Диана Васильевна Мазур
15-Окт-2015 13:13, 68111/4

Расклад на 12 домов гороскопа. "Прирожденный снайпер"

Расклад на 12 домов гороскопа. "Прирожденный снайпер"Юрий Хан
07-Мар-2013 23:45, 67627/4

The 1000 Names Of Kali Ma

The 1000 Names Of Kali MaАнтон Блицкригов
01-Янв-2013 13:23, 67334/0

10. Какие мужчины притягиваются к нам

10. Какие мужчины притягиваются к намЭлина Карфи
24-Окт-2012 11:20, 67612/0
| 400 руб.

9. Обстоятельства знакомства с брачным партнером

9. Обстоятельства знакомства с брачным партнеромЭлина Карфи
24-Окт-2012 11:19, 67769/0
| 400 руб.

8. Расслабление и отдых (аудио)

8. Расслабление и отдых (аудио)Элина Карфи
24-Окт-2012 11:19, 67856/0
| 400 руб.

7. Сексуальность (аудио)

7. Сексуальность (аудио)Элина Карфи
24-Окт-2012 11:18, 67563/0
| 400 руб.

6. Совместимость

6. СовместимостьЭлина Карфи
24-Окт-2012 11:17, 67840/0
| 400 руб.

5. Верность. Определяем надежность партнера (аудио)

5. Верность. Определяем надежность партнера (аудио)Элина Карфи
24-Окт-2012 11:16, 67609/0
| 400 руб.

4. Наш идеал мужчины

4. Наш идеал мужчиныЭлина Карфи
24-Окт-2012 11:15, 67489/2
| 400 руб.

3. Идеал женщины у мужчин и на каких женятся (аудио)

3. Идеал женщины у мужчин и на каких женятся (аудио)Элина Карфи
24-Окт-2012 11:14, 67774/0
| 400 руб.
© 2015 Система "Реальные люди"
Рейтинг@Mail.ru
Наверх ↑